A R C H E S l o u n i k S v a b o d y № 7 (12) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


72000
» да Зьместу «

 


СЛОЎНІК СВАБОДЫ
 


 

 
Вокладка ARCHE «Слоўнік Свабоды» 7-2000. На вокладцы выкарыстана ілюстрацыя Леанарда да Вінчы з анатамічнае табліцы.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

І

Іголка

            Рыгор Барадулін

Часам пачынае здавацца, што што іголка — гэта прыручаная бліскавіца. Чалавек глядзеў-глядзеў, як навальніца намагаецца сшыць сабе нейкую апранатку зь цёмных хмараў, нэрвова ламаючы іголкі бліскавіцаў, дый вырашыў сам паспрабаваць заняцца швівам, каб быць апранутым, што называецца, „з іголачкі".

Іголка абшывае чалавека, і пялюшкі, і сарочку, якую вясельле знаходзіць, шые іголка і саван таксама.

Дарэмна шукаць іголку ў стозе.

Як нітка за іголкай, ідзе за чалавекам вернасьць.

Як на іголках пачуваецца нецярпеньне.

Сасна сшывае лясную цішыню сваімі зялёнымі іголкамі.

Вожык увесь у іголках, як у маленькіх дзідах, — імі бароніць сваю безабароннасьць.

Калі дзяўчына і маладзіца прышывае гузік свайму нарачонаму ці суджанаму — як бы прышывае яго да сябе.

Прыручаная бліскавіца працы не баіцца.


Ідал

            Уладзімер Арлоў

Ідалы — гэта каменныя, драўляныя або мэталёвыя выявы паганскіх багоў. Яны ж — стоды, балваны, куміры, ёлупы. Ідалы-стоды стаялі на капішчах і былі аб’ектам пакланеньня. Кожны зь іх увасабляў пэўнае божышча ды вымагаў ахвяраў. Найвядомейшы са старажытных беларускіх ідалаў — шклоўскі, добра знаёмы любому школьніку з падручніка гісторыі.

Энцыкляпэдыі паведамляюць, што пасьля прыняцьця хрысьціянства ідалаў прыстасоўвалі да патрэбаў новае рэлігіі, выбіваючы на іх крыжы. Пра тое, што ідалы спатрэбіліся і тады, калі бальшавікі пачалі вайну з рэлігіяй, энцыкляпэдыі сарамліва маўчаць.

Большасьць ідалаў таго часу пасьпяхова дажыла да нашых дзён. Галоўны ідал — лысы, з вусамі і невялікай бародкай — зазвычай стаіць на цэнтральным пляцы гораду ці мястэчка і паказвае рукою на гайню бяздомных сабак або на вінна-гарэлачную краму. Разы два на год ідалу прыносяць чырвоныя кветкі, якія, пэўна, мусяць нагадваць пра часы, калі ахвяры былі непараўнальна шчадрэйшыя ды вымяраліся мільёнамі чалавечых жыцьцяў.


Інтэрнэт

            Віталь Цыганкоў

Інтэрнэт — слова ХХ стагодзьдзя? Само гэтае цьверджаньне выклікае лёгкі недавер. І сапраўды, пішучы пра гэтае слова, ня трэба корпацца ў этымалягічных, тлумачальных ды іншых слоўніках беларускай мовы. Упэўнена можна сказаць, што слова Інтэрнэт няма ў ніводным беларускім слоўніку.

Тэрмін „Інтэрнэт“ нарадзіўся ў выніку спалучэньня ангельскіх словаў „International network“ — міжнародная сетка. Хоць сама лексэма яшчэ не зафіксаваная ў слоўніках, ад яе ўжо пасьпелі зьявіцца дэрываты: інтэрнэтнік, інтэрнаўт, інтэрнэтаўскі, інтэрнэція.

Ёсьць нават скарачэньне — інэт, няўдалае і немілагучнае.

Сама зьява Інтэрнэту, аднак, рашуча абагнала сваё моўнае адлюстраваньне. Пра Інтэрнэт чулі, безумоўна, усе, але большасьць пакуль ня ведае, што гэта такое. Я, напрыклад, ледзь прыхоўваю ўсьмешку, калі сваякі альбо знаёмыя, прыходзячы на маё працоўнае месца, пытаюцца: „Ну, пакажы, дзе ў цябе Інтэрнэт ляжыць?“ альбо так: „А ў якой краме гэты Інтэрнэт прадаецца?“ І тут няма чаму зьдзіўляцца, паколькі Інтэрнэт на сёньня ў Беларусі — зьява пераважна моладзевая. Сярод удзельнікаў чатаў альбо дыскусійных клюбаў на Інтэрнэце рэдка ўбачыш асобу, старэйшую за 30 гадоў.

Інтэрнэт дае адчуваньне вечнасьці, свабоды і ўсёахопнасьці — гэтую маю нататку можа прачытаць любы жыхар Зямлі, у якога ёсьць кампутар. Гэта абнадзейвае і грэе.

Так што Інтэрнэт — слова наступнага, XXI стагодзьдзя. Думаю, праз сто гадоў на Зямлі не застанецца слоўніка, у якім ня будзе падрабязнага тлумачэньня паняцьця Інтэрнэт.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 7 (12) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне: mk
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-12-2000